Іван Мележ (1921-1976) нарадзіўся 8 лютага 1921 года ў вёсцы Глінішча Хойніцкага раёна - у самай глыбіні беларускага Палесся. Адтуль, з народных глыбінь, выйшлі ў свет і пайшлі ў літаратурную бессмяротнасць і героі Івана Паўлавіча: менавіта там ён вывучаў іх характары, рабіў абагульненні чалавечых рыс, паводзін, характараў... Вёска ў мірным стваральным жыцці, родныя мясціны і вайна, лёс асобнага чалавека і народа ў цэлым падчас суровых, смяротна небяспечных, выпрабаванняў - гэта і былі асноўныя тэмы глыбіннай, таленавітай і непаўторнай даследчыцкай працы Мележа-літаратара, Мележа-творцы.