15 января 2018 г.
Здароўе - гэта адзінае, што нельга купіць і прадаць. Дзеці - гэта наша будучыня. Каб яно было здаровым, трэба з малых гадоў прывіваць дзеткам навыкі здаровага ладу жыцця, выхоўваць у іх беражлівыя адносіны да свайго ўласнага здароўя, прывучаць іх да спорту.
Стала добрай традыцыяй у Судкоўскай сярэдняй школе праводзіць у другую суботу месяца Дзень здароўя. Гэта спрыяе фармаванню здаровага ладу жыцця, выхаванню цікавасці да ўдзелу ў спартыўна-масавых мерапрыемствах, умацаванню ўпэўненасці дзяцей у сваіх сілах і ведах, выхаванню любові да спорту. Выдатна, весела і заўзята ў нашай школе ў суботу праходзіў Дзень здароўя, арганізатарамі якога былі Сяргеенка Уладзімір Аркадзьевіч, Бельскі Ігар Уладзіміравіч і Аніскавец Наталля Васільеўна.
Спаборніцтвы былі арганізаваны з улікам узроставых асаблівасцяў дзяцей. Для навучэнцаў 1-4 класаў была праведзена конкурсная праграма "Азбука здароўя", вучні 5-7 класаў удзельнічалі ў спаборніцтвах па піянерболу. Пад дэвізам «Здаровы я - здаровая краіна» прайшла спартландыя на сілу, спрыт, хуткасць для навучэнцаў 8-11 класаў, а аматары настольнага тэнісу змаглі паспаборнічаць у турніры "Зоркі тэнісу".